Патрэбны падарунак для філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблпаліва”

Сёлета, згодна з загадам Міністра ўнутраных спраў № 148, у Беларусі былі размеркаваны шэсць легкавых аўтамабіляў. Адзін з іх “прыехаў” на Дзятлаўшчыну, у філіял камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблпаліва”.

Аўтамабіль дзятлаўчанам у афіцыйнай абстаноўцы перадалі ў Лідскім аддзеле Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь.

– Мы пісалі хадайніцтва на Міністэрства ўнутраных спраў, і яно было станоўча задаволена, – расказаў дырэктар філіяла Васілій Шпакоўскі. – Добрыя ўзаемаадносіны з Дэпартаментам аховы ў нас склаліся даўно, і сёлета мы атрымалі аўтамабіль “Шэўрале Ніва”, які 10 гадоў быў на балансе ў Лідскім аддзеле. За такі шчодры і вельмі патрэбны падарунак выказваю словы ўдзячнасці міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Івану Кубракову, начальніку Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС РБ Алегу Пятрышчу, старшаму інспектару аддзела тылавога забеспячэння Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС РБ Аляксандру Покуцю.

Ключы ад “Нівы” кіраўнік філіяла ўручыў майстру Руслану Саўрасу, машына зарэгістравана ў МРЭА ДАІ і ўжо выкарыстоўваецца ў рабоце. Стары УАЗ у бліжэйшы час будзе спісаны на металалом.

– Такой усепраходнай машыны нам вельмі не хапала, асабліва для правядзення выязных работ па нарыхтоўцы драўніны ў лесе. На нашым балансе быў УАЗ, які не падлягаў рамонту, – адзначыў Васілій Іванавіч. – Цяпер зможам больш аператыўна выконваць свае рабочыя задачы.

Наталля АВЯРЧУК

Источник материала